Ці магчыма аб’яднаць беларусаў заклікамі да міру?

15:25 06 января 2023
ОБСУДИТЬ
Якім стане 2023 год для Беларусі і беларусаў? Прадстаўнікі розных палітычных сіл акрэслілі кожны сваё бачанне, і яно, як можна здагадацца, не супадае.

Так, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб Годзе міру і стварэння (хоць на снежаньскім нефармальным саміце кіраўнікоў краін СНД  нібыта дамаўляліся правесці год у краінах садружнасці пад знакам рускай мовы). Аб’яднаны Кабінет абвясціў 2023-ці Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. А экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў распавёў, што бачыць яго годам людзей і павагі да чалавечай годнасці.

Чый пасыл — рэжыму ці ягоных апанентаў — найбольш дарэчы ў цяперашніх абставінах, наколькі агучаныя словы супадаюць з задачамі, і ці можа нейкі з заклікаў сёння пераадолець падзел у грамадстве і згуртаваць беларусаў?

— Калі казаць пра сённяшні беларускі рэжым, тут адразу згадваецца Оруэл, калі лозунгі трэба чытаць з дакладнасцю да наадварот: мір — гэта вайна, свабода — гэта рабства, няведанне — гэта сіла, — адзначае ў каментары палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. — Так і ва ўладаў усё навыварат.

Аналітык нагадвае папярэднія гады: у так званы Год народнага адзінства ўлады рэпрэсіямі і прапагандай расколвалі нацыю, і сёння глыбіня гэтага расколу толькі павялічылася. Незалежная сацыялогія паказвае, што ядро «ябацек» і ядро праціўнікаў рэжыму ненавідзяць адзін аднога.

— Гэта, дарэчы, будзе вялікай праблемай і для новых уладаў, калі нават пачнуцца перамены, — заўважае Аляксандр Класкоўскі, — як «склеіць», як знайсці нейкае паразуменне паміж людзьмі розных поглядаў у беларускім грамадстве. І тое цалкам на сумленні рэжыму: якое адзінства, калі ўсіх, хто не згодны пляскаць у ладкі палітыцы Лукашэнкі, абвяшчаюць увогуле нейкімі нелюдзьмі, прапаганда выцірае ногі аб тых, хто не згодны з афіцыйнай лініяй.

Або ўзяць Год гістарычнай памяці, у які беларускі рэжым як ніколі шырока адкрыў дзверы «рускаму міру», беларуская прапаганда стала на гэтыя рэйкі і ўсё нацыянальнае з асаблівым імпэтам вынішчалася. Нават лозунг «Ж*ве Беларусь!» прыраўналі да нацысцкай сімволікі, хоць гэта дзіка.

Словы і справы беларускай улады, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, патыхаюць оруэлаўскай антыўтопіяй: пракламуючы высакародныя мэты, робяць насамрэч наадварот. Тое самае відавочна і ва ўказе №1 ад 1 студзеня 2023 года, дзе пасля словаў пра мір і стваральную працу абазначана як адзін з галоўных кірункаў «удасканальванне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання насельніцтва».

— Атрымліваецца гэткі мір у шынялі, — з іроніяй адзначае аналітык, — як працяг мілітарызацыі грамадства, мыслення, пошуку ворагаў і стварэння іміджу абложанай крэпасці. Усё гэта класічныя рысы рэжыму таталітарнага, і беларускі рэжым ідзе ў гэтым кірунку.

Калі казаць пра ключавое слова «мір», думаю, Лукашэнку гэта сапраўды муляе — тое, што Пуцін можа яго ўцягнуць у вайну і прымусіць паслаць беларускае войска ваяваць супраць Украіны.

Гэта сядзіць цвіком, і мы бачым, што Лукашэнка адкручваецца ад такой ролі. І тут ёсць пэўная рацыянальнасць у тым, як названы год. Рэжым не хоча ўлазіць у авантуру Крамля.

Болей за тое, праз тое, што дагэтуль не быў аддадзены загад беларускім войскам уступіць у вайну, Лукашэнка нават здолеў захаваць нейкую частку сваёй папулярнасці як палітык, спекулюючы на беларускай тэзе, убітай у масавую свядомасць — «абы не было вайны». І ў пэўнай ступені ў назве 2023 года зашыфраваны палітычны код Лукашэнкі. Ён выказаў такім чынам свой спадзеў, што ўдасца адкруціцца ад найгоршага сцэнару.

Што да Года беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння, абвешчанага Аб’яднаным пераходным кабінетам, тут, на думку эксперта, бачыцца адразу некалькі тлумачэнняў. З аднаго боку, гэта рэакцыя каманды Святланы Ціханоўскай на крытыку і адказ усім тым, хто абвінавачваў лідарку дэмсіл у «прарасейскасці»:

— Святлана Ціханоўская пачала болей выступаць па-беларуску, і, дарэчы, добра валодае мовай, — зазначае аналітык. — І сама тэматыка нацыянальнага адраджэння стала болей акцэнтаванай у палітыцы яе каманды.

Але разам з тым зразумела, што сапраўднага нацыянальнага адраджэння не можа быць без змены ўлады. А гэта пытанне вельмі складанае.

Няма такой цудадзейнай стратэгіі, каб цягам года змяніць уладу ў Мінску, пераможна ўехаць на белым кані ці джыпе з боку Вільні, і ў Палацы незалежнасці пачаць кіраваць краінай.

Мне здаецца, тут ёсць пэўны тактычны ход. Мэта, канешне, высакародная, і ўвогуле ў незалежным грамадстве адчуванне таго, што трэба нам шанаваць сваю культуру, мову, традыцыі, — яно ўзмацнілася. Нават чыста эмпірычна адчуваецца, што ў грамадстве вырасла разуменне: трэба быць беларусамі, каб супрацьстаяць экспансіі «рускага міру».

Аднак беларусізаваць усю Беларусь можна толькі пры новай уладзе. Пытанне, як яе змяніць, застаецца вісець у паветры, і цяжка кідаць камень у дэмакратычныя сілы ў цяперашняй сітуацыі, калі падаецца, што супраць лому няма прыёму.

Наогул, без вырашэння палітычнага крызісу, пагаджаецца Аляксандр Класкоўскі, нават самыя высакародныя заклікі павісаюць у паветры, як словы пра Год людзей, павагі да іх і чалавечай годнасці:

— Забяспечыць павагу да людзей, да правоў чалавека можа толькі дзяржава. А сённяшняя — плюе на гэтыя правы. Лукашэнка і раней заўжды высмейваў гэтую заходнюю канцэпцыю, гэтыя высокія матэрыі, і казаў, што галоўнае — даць людзям працу, чарку і скварку, і гэта самыя важныя правы.

Калі ўдумацца, гэта стаўленне да людзей як да нейкай рабочай скаціны. Прыблізна на такім узроўні: мы вам даем хамут і кавалак сена ў стойле — маўчыце і не мычыце.

Але сёння пад пытаннем, ці зможа рэжым забяспечыць нават гэты ўзровень. Думаю, краіну чакае эканамічная дэградацыя, і сама логіка рэпрэсій паказвае, што будуць закранацца ўсё новыя слаі насельніцтва.

Рэжым, які пануе сёння ў Беларусі — рэжым учорашняга ці пазаўчорашняга дня. І якія б лозунгі ні дэкларавала ўлада ці апазіцыя, яны не будуць рэалізаваныя, пакуль не зменіцца рэжым. Бо ад улады, антынароднай па сутнасці, любыя прыгожыя словы гучаць фальшыва. А дэмакратычным сілам, апазіцыі трэба думаць, як змяніць сітуацыю ў Беларусі, каб агучаныя лозунгі рэалізаваліся. І тут пытанне стратэгіі дэмсілаў балючае і вострае.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

10 января 2024 15:17

Беларусь воздержится от приглашения наблюдателей ОБСЕ на предстоящие выборы

Об этом заявил постоянный представитель Беларуси при международных организациях в Вене Андрей Дапкюнас. Белорусская сторона уже уведомила Бюро по демократическим институтам и правам человека ОБСЕ о своём решении.

08 января 2024 17:38

Авторитет Беларуси упал даже на постсоветском пространстве

Директор исследовательской программы по Восточному Соседству ЕС и по России Финского института международных отношений Аркадий Мошес о том, почему люди типа Александра Лукашенко не уходят от власти, а преемник – это история не про него.

07 января 2024 12:10

Будут ли работать гарантии для первого президента Беларуси после отставки Александра Лукашенко?

По мнению политолога, директора института «Палітычная сфера» Андрея Казакевича, закон «О президенте Республики Беларусь» был отредактирован в соответствии с «обновленной» Конституцией. В целом все идет в рамках подготовки к кампании 2025 года.

01 января 2024 19:36

Как к 30-летию своего правления в Беларуси изменился Александр Лукашенко

В 2024 году исполнится 30 лет, как Александр Лукашенко находится у власти. Последний год он не раз появлялся на публике не в лучшей форме: в мае он с трудом ходил во время парада в Москве и не стал выступать с речью на церемонии в Минске, в декабре потерял голос и проводил совещания почти шепотом.