Ці ўбачаць заўзятары Алімпіяду-2024 i ці трапяць на яе прадстаўнікі Беларусi?

14:28 22 января 2023
ОБСУДИТЬ
Беларусь і Расію выключылі са спісу вяшчальнікаў Алімпіяды на бліжэйшыя дзесяць год - да 2032-га. Усе медыяправы на трансляцыю Гульняў у Еўропе атрымалі Еўрапейскі вяшчальны саюз і Warner Bros. Discovery (на лічбавых платформах), у іх аб’яднанай заяўцы пазначаныя 49 краін.

Але ж спорт — адна з улюбёных «цацак» беларускай улады, пачынаючы ад самага верху, да таго ж спартыўныя трансляцыі — вельмі відовішчны і прыбытковы кантэнт. Ці зможа афіцыйны Мінск выкруціцца з сітуацыі, каб паказаць Алімпіяду беларускім заўзятарам, і якія наогул перспектывы ў беларускіх спартсменаў трапіць на Алімпійскія Гульні, прынамсі, бліжэйшыя, у Парыжы?

Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з былым генсакратаром НАК Беларусі, кіраўніком міжнароднага дэпартаменту фонду спартоўцаў Анатолем Котавым.

Калі Белтэлерадыёкампанія перастала быць чальцом ЕВС і страціла «Еўрабачанне», і тэлебосы, і афіцыйныя ўлады зрабілі выгляд, маўляў, не вельмі-то і хацелася. Але тут гаворка пра Алімпіяду — ці змогуць беларусы яе паглядзець афіцыйна, ці будуць, паводле так зручна прынятага закона, скарыстоўваць пірацкі кантэнт?

— Ёсць некалькі спосабаў выйсця з гэтай сітуацыі, але амаль усе з іх знаходзяцца па-за межамі міжнароднага заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, — тлумачыць Анатоль Котаў. — Па-першае, можна спрабаваць банальна красці кантэнт — ці ў нейкай іншай краіне, спрабуючы зладзіць рэтрансляцыю, ці з інтэрнет-крыніц, бо ёсць іншыя каналы для тых краін, якія не могуць дазволіць сабе набыццё правоў на трансляцыю.

Але і тое, і другое відавочна па-за межамі права, гэта парушэнне інтэлектуальнай уласнасці, якое выкліча адпаведную рэакцыю з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту.

А НАК Беларусі, як увогуле кожны нацыянальны алімпійскі камітэт, у адпаведнасці з Алімпійскай хартыяй і сваімі ўнутранамі актамі, фактычна абавязаны абараняць інтэлектуальную ўласнасці МАК, і такое парушэнне не застанецца без увагі.

Бадай, адзіным легальным спосабам можа быць пашырэнне бясплатнай інтэрнет-трансляцыі на Беларусь і Расію. Аднак ці зробіць МАК такі крок насустрач, ці будзе створаны пэўны прэцэдэнт для цывілізаванага свету, каб даць магчымасць простым гледачам убачыць Алімпійскія гульні, хоць і фактычна без удзелу нацыянальных каманд Беларусі і Расіі — гэта пад вялікім пытаннем.

Мяркую, рашэнне будзе прынятае бліжэй да Алімпійскіх гульняў і ў залежнасці ад таго, якой будзе сітуацыя ў вайне ва Украіне на гэты момант, ці не здарыцца нешта горшае.

Цяпер прасочваецца трэнд на тое, каб дазволіць беларускім спартсменам удзел у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. На снежаньскай нарадзе ў Лукашэнкі міністр спорту, прынамсі, адзначыў, шэсць відаў спорту, дзе беларусы ўжо выступаюць без дзяржсімволікі — тэніс, футбол, шашкі, шахматы, самба і бокс. Правіцель адказаў на гэта, што, маўляў, «у сапраўднага спартсмена з сэрца сцяг і гімн не вырвеш» — атрымліваецца, рэжым не супраць такой пастаноўкі пытання.

Няўжо прыхільнікам слогану «спорт па-за палітыкай» дастаткова толькі ўзяць у рукі нейтральны сцяг, каб патрапіць на Алімпіяду?

— Магчымасць выступу беларускіх атлетаў пад нейтральным сцягам ёсць, і яна можа стаць адным з кампрамісаў, на якія пойдзе МАК, — пагаджаецца Анатоль Котаў. — Але тут важнейшы не выступ пад нейтральным сцягам, а асуджэнне вайны супраць Украіны. Напрыклад, падпісанне Антываеннай дэкларацыі ці нейкая публічная заява. І вось гэта ўжо — сур’ёзны ўчынак для кожнага спартсмена. Таму што гэта перакрэслівае ўсю прапаганду, якую распаўсюджваюць у РФ і Беларусі адносна таго, чым расейскія войскі з дапамогай беларускага рэжыму займаюцца ва Украіне.

У той жа час за іншыя выказванні, за плакаты са шматкроп’ем ці словам «вайна» ў Расіі і Беларусі людзей хапаюць, і найменшае пакаранне — штраф ці содні ў ізалятары.

Калі да такіх публічных заяваў і асуджэння вайны вядомымі спартсменамі, хто хоча выступіць на Алімпіядзе, справа дойдзе, то гэта, мяркуе Анатоль Котаў, стане моцным контрпрапагандысцкім ударам:

– У такім выпадку можна будзе сказаць, што рэжымы, і расійскі, і беларускі, прайгралі цывілізаванаму свету ў інфапрасторы і вымушаныя перакрэсліць свае наратывы. Таму кампраміс, калі будуць выкананыя гэтыя дзве ўмовы (нейтральны сцяг і публічная антываенная пазіцыя) стане сур’ёзнай перамогай над дзвюма прапагандысцкімі рэжымамі.

Выходзіць, што тэарэтычна на адных і тых гульнявых пляцоўках могуць сустрэцца спартсмены, які зрабілі свой выбар і агучылі пазіцыю яшчэ ў 2020-м, і тыя, каму да апошняга хацелася «бачыць спорт свабодным ад палітыкі»?

— Тут якраз узнікае цікавая сітуацыя, — зазначае суразмоўца «Філіна», — бо ў адпаведнасці з новым заканадаўствам, якое прынята ў Беларусі ў галіне спорту, асобы, якія атрымліваюць фінансавую дапамогу ці ўдзельнічаюць у замежных трэніроўках, спаборніцтвах без дазволу афіцыйных беларускіх структур, падлягаюць пэўным санкцыям з боку Мінспорту і Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Чыноўнікі зрабілі папяровыя падставы, каб «не пушчаць» і не заяўляць такіх спартоўцаў на міжнародныя турніры нават пад нейтральным сцягам.

Як гэта будзе рэалізавана на практыцы, зараз меркаваць цяжка. З тых, хто ўжо некалькі гадоў як абраў нармальны бок і ў сувязі з палітычным крызісам, і з вайной ва Украіне, і хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі, не так шмат людзей могуць прэтэндаваць на выступ на Алімпіядзе.

Так што шанец сустрэцца на адной спартыўнай арэне ёсць. Але сама сітуацыя будзе вельмі дзіўнай, калі прадстаўнікоў рэжыму — не толькі спартсменаў, а ўсю дэлегацыю — прымусяць выказацца ці падпісаць, што яны супраць вайны ва Украіне, і будзе вельмі цікава назіраць, як далей стануць разгортвацца падзеі.

У Беларусі ўлады вельмі любяць «планаваць» медалі, аднак апошнім часам разлікі не апраўдваюцца. Ці варта наогул чакаць высокіх месцаў ад спартсменаў у цяперашніх умовах?

— Па-першае, поспехам будзе ўжо трапіць на Алімпіяду, — заўважае Анатоль Котаў, — а гэта залежыць ад умоваў, якія МАК паставіць па допуску.

На сёння я б наогул не сказаў, што ёсць сур’ёзны шанец, што нехта паедзе ад Беларусі ў Парыж-2024. Акна магчымасцяў няма, бо немагчыма трапіць на кваліфікацыйныя спаборніцтвы — большасць з іх міжнародныя.

Калі ў бліжэйшыя некалькі месяцаў гэта пытанне не вырашыцца, то праз паўгады можна будзе казаць, што нават тэарэтычныя шанцы застануцца толькі для адзінкавых спартсменаў. І з кожным днём яны робяцца ўсё менш верагоднымі.

Дый выканаць неабходныя ўмовы рэжыму будзе цяжка, не атрымаецца ні прадэманстраваць недзе дзяржсімволіку, не сысці ад адказаў на нязручныя пытанні (а пасля кожнага выступлення расійскіх і беларускіх спартоўцаў журналісты будуць пытацца, як яны ставяцца да вайны, і давядзецца нешта адказваць).

І калі разглядаць толькі спартыўную рэчаіснасць, то паўтор ранейшых беларускіх дасягненняў наўрад ці магчымы, мяркуе эксперт. Нават да вынікаў Алімпіяды-2022 ў Токіа, якая стала для беларусаў горшай за 16 гадоў, наблізіцца будзе вельмі цяжка:

— За выключэннем некалькіх відаў спорту, у Беларусі ідзе татальная дэградацыя спартовай галіны. Бо зрабілі стаўку на лаяльнасць, а яна ніколі не прыносіць плёну. Затое спаборніцтваў узроўню СНД будзе багата — якраз зараз НАК Беларусі зацвердзіў склад дэлегацыі на зімовыя гульні «Дзеці Азіі», у жніўні адбудуцца чарговыя гульні краін Садружнасці ў Мінску… Усё вяртаецца да фармату «спартакіядаў калгасу», — рэзюмуе эксперт.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

13 декабря 2022 15:08

Как отреагируют белорусские власти, если на Олимпиаду позовут под нейтральным флагом

О возможном приглашении спортсменов из Беларуси и России на летние Олимпийские игры-2024 в Париже заявила Сюзанна Лайонс - председатель правления Олимпийского и Паралимпийского комитета США. Правда, она сразу подчеркнула, что выступать эти спортсмены не смогут под флагами своих стран или в их цветах.

09 декабря 2022 13:31

Международный олимпийский комитет оставил в силе санкции против России и Беларуси

Сборные России и Беларуси не примут участие в летней Олимпиаде-2024 года в Париже. В то же время спортсменам двух стран разрешается выступать под нейтральным флагом или представлять команды других государств.

08 декабря 2022 10:08

Мешают некомпетентное руководство и шабашники: чем живет футбольная школа в городке Брестской области?

Детский футбол Беларуси, особенно в нынешнее время, сфера, где чрезвычайно много проблем: от отсутствия должного финансирования до некомпетентных тренеров и руководителей. Такая картина наблюдается даже в крупных городах, что уж говорить о глубинке.

20 ноября 2022 23:43

Стартовал чемпионат мира по футболу. Что о нем надо знать

20 ноября 2022 года в Катаре начался, кажется, самый скандальный за всю историю футбольный турнир, который уже спровоцировал множество скандалов.